Праграма Х’юберта Хамфры
Праграма стыпендый Х'юберта Хамфры – гэта гадавая праграма прафесійнага развіцця для спецыялістак (-аў), якія акрамя досведу ў сваёй прафесійнай галіне таксама маюць пацверджаны лідарскі досвед, прыхільнасць служэнню грамадству і здольнасць у поўнай меры скарыстацца магчымасцямі праграмы вольнага навучання ў адным з вядучых універсітэтаў ЗША.
Па завяршэнні праграмы выдаецца сертыфікат ад урада ЗША. Праграма не прызначана для атрымання акадэмічнай ступені.
Праграма Х’юберта Хамфры дае магчымасць дасведчаным спецыялісткам(-ам) у разнастайных прафесійных галінах з Беларусі і іншых краін свету прайсці гадавую стажыроўку ў ЗША, падчас якой можна навучацца ва ўніверсітэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства.
Праграма была заснаваная ў 1978 годзе і названая ў гонар былога амерыканскага сенатара і віцэ-прэзідэнта Х’юберта Харэйша Хамфры.
Праграма спрыяе працяглым прафесійным сувязям паміж прафесіяналамі са Злучаных Штатаў Амерыкі і іх калегамі з іншых краін, абмену ведамі, а таксама садзейнічае дасягненню ўзаемаразумення ў свеце.
Адбор адбываецца на конкурснай аснове з улікам прафесійных дасягненняў, лідарскага патэнцыялу і прыхільнасці служэнню грамадству.
Даведайцеся больш пра праграму ад яе былых удзельніц:
Патрабаванні да ўдзелу ў конкурсе
мець грамадзянства Беларусі;
мець вышэйшую адукацыю (ступень бакалаўра ці эквівалент);
мець досвед працы ў адпаведнай галіне не менш за пяць гадоў;
дэманстраваць лідэрскія якасці і імкненне прыносіць карысць грамадству;
добра валодаць вуснай і пісьмовай англійскай мовай (паўфіналістам трэба будзе здаць тэст TOEFL);
мець абмежаваны досвед папярэдняга наведвання ЗША.
Усе асобы, якія падаюць заяўку, таксама мусяць:
мець магчымасць падаць дзве рэкамендацыі, адна з іх павінна быць ад цяперашняга кіраўніцтва;
дэманстраваць прафесійную зацікаўленасць у адным з напрамкаў праграмы Хамфры на 2027–2028 навучальны год.
Напрамкі праграмы Хамфры на 2027–2028 навучальны год
Камунікацыі і журналістыка
Медыя, расследавальная журналістыка, лічбавыя медыя, сувязі з грамадскасцю, празрыстасць медыя, інфармацыйная ўстойлівасць.
Права і кіраванне
Права, правасуддзе, праваахоўная дзейнасць, распрацоўка дзяржаўных палітык, грамадзянская супольнасць, празрыстае кіраванне, супрацьдзеянне карупцыі, транснацыянальнай злачыннасці і гандлю людзьмі.
Палітыкі ў сферы прыродных рэсурсаў
Энергетыка, водныя рэсурсы, сельская гаспадарка, эканамічная ўстойлівасць, харчовая бяспека, надзейнасць ланцужкоў паставак.
Дзяржаўная і эканамічная палітыка
Гандаль і інвестыцыі, развіццё працоўных рэсурсаў, адукацыйная палітыка і кіраванне адукацыяй, бюджэтная палітыка, грашова-крэдытная палітыка, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, дзяржаўнае кіраванне, эканамічны рост і развіццё рынкаў.
Палітыкі ў сферы грамадскага здароўя
Дзяржаўная палітыка ў сферы грамадскага здароўя, кіраванне сістэмамі аховы здароўя, прафілактыка і кантроль інфекцыйных захворванняў, эпідэміялагічны нагляд і маніторынг, арганізацыя і аказанне медыцынскіх паслуг, медыцынская адукацыя і асвета, глабальнае здароўе.
Палітыкі ў сферы тэхналогій
Кібербяспека, штучны інтэлект, лічбавая інфраструктура, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі і тэхналогіі ў сферы аховы здароўя, гарадское планаванне і тэхналогіі, транспартныя тэхналогіі, трансфармацыя рынку працы пад уплывам тэхналогій.
Працэдура падачы заяўкі
Заяўкі прымаюцца анлайн па 9 жніўня 2026 года па спасылцы: https://apply.iie.org/huberthhumphrey
Запытацца пра праграму можна па адрасе belarus@americancouncils.org.
Фінансаванне
Праграма Х’юберта Хамфры аплачвае міжнародныя пералёты, кошты навучання ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама штомесячную стыпендыю і аднаразовыя выплаты (сродкі для набыцця падручнікаў, ўдзелу ў прафесійных мерапрыемствах і г.д.). Праграма таксама прапануе візавую падтрымку для суправаджаючых членаў сям’і, але не пакрывае выдаткі на іх знаходжанне ў ЗША.
Адбор для ўдзелу ў праграме ажыццяўляе аддзел публічнай дыпламатыі Амбасады ЗША ў Беларусі пры падтрымцы Амерыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі. Асобы, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрв'ю.
_____________________________________________________________________
Праграма гарантуе роўныя магчымасці для ўсіх, хто падае заяўку, і не дапускае дыскрымінацыі па прыкметах расы, колеру скуры, полу, рэлігіі, нацыянальнага або этнічнага паходжання, роднай мовы, інваліднасці або асаблівых патрэбаў.
Праграма адкрыта для ўсіх грамадзян(-ак) Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час.
Меню
Агульная інфармацыя аб праграме Фулбрайт
Праграма Фулбрайт для замежных студэнтаў (Fulbright Foreign Student Program)
Праграма Фулбрайт для навукоўцаў і даследчыкаў (Fulbright Visiting Scholar Program)
Праграма Фулбрайт для выкладчыкаў ВНУ (Fulbright Faculty Development Program)
Праграма Фулбрайт па павышэнні педагагічнага майстэрства (Fulbright TEA)
Праграма Х’юберта Хамфры (Hubert H. Humphrey Fellowship)
Даведайцеся больш: