Праграма Фулбрайт для акадэмічнай супольнасці (FVSP)

The Fulbright Visiting Scholar Program (FVSP) адкрыта для ўсіх, хто займаецца даследчай і выкладчыцкай працай ва ўніверсітэтах або даследчых установах, мае ступень кандыдата або доктара навук і жадае праводзіць даследаванні, выкладаць або спалучаць гэтыя заняткі ў адным з універсітэтаў ЗША. Праграма доўжыцца 3–6 месяцаў.

Усе асобы, якія падаюць заяўку, павінны быць прафесійна звязаныя з універсітэтамі або даследчымі ўстановамі (у тым ліку НДА) у Беларусі ці іншых краінах. Перавага надаецца тым, хто здольныя і імкнуцца ў поўнай меры скарыстацца магчымасцямі даследаванняў або выкладання ў амерыканскай акадэмічнай установе і гатовыя дзяліцца новым досведам і ведамі пасля вяртання.

Удзел у праграме мусіць быць вартым не толькі для тых, хто ў ёй удзельнічае, але і для арганізацыі, дзе яны працуюць, а таксама для прымаючай амерыканскай ВНУ. Асобы, якія ўдзельнічаюць у праграме, прадстаўляюць сваю краіну і культуру і павінны быць гатовыя распавядаць пра іх як акадэмічнай супольнасці, такі шырэйшай аўдыторыі.

Даведайцеся больш пра праграму ад яе былых удзельнікаў і ўдзельніц:

Патрабаванні да ўдзелу

 Зацікаўленыя асобы мусяць:

  • мець беларускае грамадзянства;

  • мець навуковую ступень кандыдата навук або доктара навук (аналаг PhD);

  • добра валодаць вуснай і пісьмовай англійскай мовай;

  • мець магчымасць атрымаць медыцынскае пасведчанне аб задавальняючым стане здароўя.

Фінансаванне

Праграма цалкам фінансуецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША і ў перыяд дзеяння гранта аплачвае:

  • міжнародныя пералёты;

  • штомесячную стыпендыю на працягу ўсяго перыяду праграмы;

  • дадатковыя адначасовыя выплаты на набыццё літаратуры, уладкаванне на новым месцы і г.д.;

  • візавую падтрымку і дадатковую штомесячную стыпендыю на членаў сям’і, калі яны далучаюцца да паездкі (муж/жонка, непаўнагадовыя (да 21 года) незамужнія/нежанатыя дзеці);

  • медыцынскую страхоўку.

Працэдура падачы заяўкі

Прыём заявак на праграму звычайна адбываецца ў лістападзе-снежні адзін раз на год. Цяпер заяўкі на праграму не прымаюцца.

Запытацца пра праграму можна па адрасе belarus@americancouncils.org

Адбор для ўдзелу ў праграме ажыццяўляе аддзел публічнай дыпламатыі Амбасады ЗША ў Беларусі пры падтрымцы Амерыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі. Асобы, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрв'ю.

________________________________________

Праграма гарантуе роўныя магчымасці для ўсіх, хто падае заяўку, і не дапускае дыскрымінацыі па прыкметах расы, колеру скуры, полу, рэлігіі, нацыянальнага або этнічнага паходжання, роднай мовы, інваліднасці або асаблівых патрэбаў.

Праграма адкрыта для ўсіх грамадзян(-ак) Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час.